Описание
Непадалёку ад ажыўленага праспекта Незалежнасці, за манументальным гмахам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, у ціхім нападворку, дзе вядуць гамонку з небам хвоі, якія шмат бачылі на сваім вяку, стаіць невялікі ўтульны дом. Тут на працягу апошніх гадоў свайго жыцця працаваў Якуб Колас — славуты майстар мастацкага слова, грамадскі дзеяч, вучоны.
Дом Коласа быў своеасаблівым цэнтрам духоўнага жыцця сталіцы, дзе панавала творчая і сяброўская атмасфера.
У 50-ых тут была закончана трылогія “На ростанях”, напісана шмат вершаў, палымянай публіцыстыкі, у якой чуйна біўся грамадзянскі пульс, пульс творцы і чалавека.
Тут, на сядзібе Коласа, у зялёным улетку і ўбеленым снегам зімой куточку, адчувальна атмасфера мінулых дзён, вялікая любоў песняра да прыроды, да роднай зямлі. Гасцей ветліва сустракаюць дрэвы, пасаджаныя самім гаспадаром, дом, што з 1959 года з’яўляецца літаратурна-мемарыяльным музеем, дзе клапатліва захоўваецца рабочы кабінет, спальня, гасцёўня, сталовая паэта, яго асабістыя рэчы, бібліятэка. Шматлікія матэрыялы экспазіцыі дапамагаюць глыбей пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Якуба Коласа, з яго шматграннай грамадскай і навуковай дзейнасцю, пераканацца, што волат беларускага мастацкага слова быў асобаю вялікай культуры і душы. Ён цікавіўся лепшымі здабыткамі сусветнай літаратуры, з ахвотаю адгукаўся на яе яркія з’явы, з пашанаю пісаў пра многіх валадароў чалавечай думкі і пачуцця.
Наведванне музея Якуба Коласа, гэтага асяродка беларускай культуры, паспрыяе не толькі бліжэйшаму знаёмству з усебаковай дзейнасцю народнага паэта, беларускай літаратурай і мастацтвам, але і духоўнаму ўзвышэнню таго, хто зойдзе ў гэты гасцінны Дом, дзе і цяпер жыве дух жыццялюбства, творчасці, пашаны да тых, хто працуе ў галіне мастацкага слова, любіць, шануе вялікі талент песняра.
Старонка музея ў Instagram:
https://www.instagram.com/kolasmuseum/